«Зялёныя школы» як інструмент дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

«Зялёныя школы» як інструмент дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця

14 снежня 2019

«Зялёныя школы» – гэта экалагічны рух, мэта якога – дапамагчы дзецям атрымаць экалагічную інфармацыю і ўцягнуць у экалагічна дружалюбны лад жыцця сваіх сяброў і сям’ю. Вучні «зялёных школ» атрымліваюць веды і вопыт па захаванні біяразнастайнасці і чысціні прыроды, па абыходжанні з адкідамі, па эканоміі вады і энергіі, а таксама актыўна ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні грамадскіх экалагічных акцый.

Рух папулярны ва ўсім свеце. У Беларусі праект уключае шэсць (пяць – для дашкольных устаноў) напрамкаў з наборам заданняў, распрацаваных з улікам экалагічных праблем і пытанняў, якія вырашаюцца ў краіне. Выканаўшы гэтыя заданні, установа адукацыі можа атрымаць «зялёны» дыплом. 

Функцыянаванне такой ініцыятывы як «зялёныя школы» робіць унёсак у дасягненне не толькі Мэты ўстойлівага развіцця 4 (Якасная адукацыя), але таксама і ў дасягненне 6, 7, 11, 12, 13–15 Мэтаў устойлівага развіцця.

13 снежня 2019 г. у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства прайшоў Форум сеткі «Зялёныя школы». Форум наведалі больш за 150 удзельнікаў. Пры гэтым 40 устаноў адукацыі атрымалі дыпломы аб прысуджэнні ім статусу «зялёнай школы». Адны ўстановы павысілі свой статус, падняўшыся на прыступку вышэй у параўнанні з папярэдняй сертыфікацыяй, а іншыя атрымалі сертыфікат упершыню. Таксама ўзнагародзілі вучняў і выкладчыкаў, якія сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў.

У рамках форуму адбылося адкрыццё навукова-эксперыментальных лабараторый па маніторынгу атмасфернага паветра і вывучэнні экалагічных тэхналогій на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ў рамках праекта «Экаманіторынг». Нацыянальны рэсурсны цэнтр прадставіў свой вопыт па рэалізацыі адукацыйнага праекта «Зялёныя школы». Для настаўнікаў працавалі навукова-практычныя пляцоўкі, а для дзяцей – лабараторныя практыкумы.

Форум арганізаваны сумесна з УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства» ў межах праекта «Экаманіторынг», што фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН у Беларусі ў партнёрстве з Мінпрыроды. 

Рэпартаж з мерапрыемства даступны на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

КАРТА САЙТА