У Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя па ўмацаванні патэнцыялу краіны для дасягнення Мэт устойлівага развіцця - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

У Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя па ўмацаванні патэнцыялу краіны для дасягнення Мэт устойлівага развіцця

6 чэрвеня 2024

6 чэрвеня 2024 г. на пляцоўцы індустрыяльнага парку «Вялікі камень» адбылася Міжнародная канферэнцыя і B2B «Умацаванне патэнцыялу Рэспублікі Беларусь для дасягнення Мэт устойлівага развіцця: стратэгіі і партнёрства ў кантэксце сучасных выклікаў і кліматычнага парадку». Канферэнцыя праводзілася пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі ў рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця», фінансуемага Расійскай Федэрацыяй.

Мерапрыемства сабрала больш за 100 удзельнікаў: прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і іншых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, Еўразійскай эканамічнай камісіі, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Офіса Пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь, Праграмы развіцця ААН, Федэрацыі міжнароднага гандлю Ганконга, дыпламатычнага корпуса, дзелавых і навуковых колаў з Беларусі і зарубежных краін.

Праграма канферэнцыі ўключала пленарнае пасяджэнне і работу секцый «Устойлівае развіццё АПК і сельскай гаспадаркі» і «Устойлівае развіццё ў кантэксце змянення клімату».

ПЛЕНАРНАЕ ПАСЯДЖЭННЕ

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы. Ён звярнуў увагу, што найноўшыя тэхналогіі ў АПК дазваляюць Беларусі не проста вырабляць харчовыя прадукты ў дастатковым аб’ёме, але і рабіць гэта з найменшай нагрузкай на навакольнае асяроддзе, што адпавядае кліматычнаму парадку дня. «Аднак, у дакладзе ФАО «Стан справаў у галіне харчовай бяспекі і харчавання ў свеце» гаворыцца, што ў 2022 годзе каля 900 млн. чалавек сутыкнуліся з вострай формай адсутнасці харчовай бяспекі. Калі так будзе працягвацца, то глабальныя мэты па забеспячэнні харчовай бяспекі ў свеце і доступу людзей да прадуктаў харчавання не будуць выкананы», адзначыў Міхаіл Русы.

Кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка ў сваім прывітальным слове падкрэсліў, што Мэты ўстойлівага развіцця – гэта глабальныя арыенціры для многіх дзяржаў свету, і Беларусь займае высокае месца ў галіне іх дасягнення. «Адна з Мэт – «Годная праца і эканамічны рост». Гэтым задачам адпавядае і сама ідэя стварэння «Вялікага каменя». І, на мой погляд, яна паспяхова ўвасабляецца ў жыццё», – паведаміў Аляксандр Ярашэнка. Ён таксама падкрэсліў, што індустрыяльны парк задумваўся не проста як свабодная эканамічная зона. Яго канцэпцыя значна шырэйшая: развіццё інавацый, будаўніцтва сучаснага горада і прыход сюды кампаній з новымі тэхналогіямі гэта імпульс для развіцця беларускай эканомікі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся Пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Расул Багіраў. «У Беларусі дастаткова вялікая ўвага надаецца Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, а таксама забяспечаны вельмі высокі ўзровень харчовай бяспекі – яна уваходзіць у топ-20 краін свету, дзе тэма голаду поўнасцю закрыта. Аднак, пытанне харчовай бяспекі – гэта пытанне, якое востра стаіць на парадку дня міжнароднай супольнасці. Толькі ў 2022 годзе 30% насельніцтва недаатрымлівала харчавання», – адзначыў Пастаянны каардынатар. Ён таксама паведаміў, што гэта мерапрыемства закладзе фундамент для трывалага партнёрства як паміж дзяржавай і бізнесам, так і паміж рознымі прадстаўнікамі бізнесу.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў пасяджэння выступіў намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Амбразевіч. Ён падкрэсліў, што Беларусь паспяхова супрацьстаіць знешнім выклікам. У бягучым годзе ў эканоміцы нашай краіны захоўваюцца станоўчыя тэндэнцыі і дынаміка ключавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця застаецца ўстойлівай. «Беларусь працягвае свае намаганні па выкананні міжнародных абавязацельстваў адносна Парадаку дня – 2030. Згодна з Глабальнай справаздачай аб устойлівым развіцці, у 2023 годзе Беларусь заняла 34-е месца са 166 краін у міжнародным рэйтынгу дасягнення МУР. Беларусь па праве ўваходзіць у групу дзяржаў з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. Вялікая ўвага надаецца МУР 9», адзначыў Юрый Амбразевіч.

Пэдра Марсэла Арыяс, эканаміст Рэгіянальнага прадстаўніцтва Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) у Еўропе і Цэнтральнай Азіі пазначыў, што забеспячэнне глабальнай харчовай бяспекі і дасягненні МУР 2 неабходна разглядаць праз прызму харчовых сістэм. Яны ствараюць узаемасувязь усіх элементаў, якія ўдзельнічаюць у вытворчасці, размеркаванні, спажыванні і ўтылізацыі прадуктаў харчавання. «Поўная ліквідацыя голаду да 2030 года з’яўляецца амбіцыйнай мэтай, і гэта дасягальна, калі мы будзем падыходзіць да гэтага праз комплексную перспектыву харчовых сістэм. Падвышаючы іх устойлівасць, прымаючы да ўвагі прынцып «нікога не пакінуць убаку» і вырашаючы глабальныя праблемы недаядання і змены клімату, мы можам стварыць будучыню, у якім кожны грамадзянін будзе мець доступ да дастатковай колькасці прадуктаў харчавання», сцвярджае эканаміст.

Выконваючы абавязкі Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Армэн Марцірасян праінфармаваў удзельнікаў канферэнцыі, што падтрымка краін у пытаннях фінансавання МУР знаходзіцца ў ліку прыярытэтных задач ПРААН. «Для гэтага ПРААН распрацаваны механізм комплекснага нацыянальнага фінансавання, які дазваляе выпрацаваць стратэгію фінансавання ўстойлівага развіцця і кіраваць магчымымі рызыкамі. Ён ужо прымяняўся ў Арменіі, Азербайджане, Казахстане, Таджыкістане і Узбекістане. Праграма развіцця ААН пачала гэту работу і ў Беларусі», паведаміў Армэн Марцірасян. Ён таксама адзначыў, што 2024 і 2025 гады – важны этап для развіцця краіны: распрацоўваюцца Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця на перыяд да 2040 года, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, сектаральныя праграмы.

Немалаважным з’яўляецца ўклад бізнесу ў дасягненне МУР. Глабальны дагавор ААН – найбуйнейшая ініцыятыва, якая стварае аснову для ўстойлівага вядзення бізнесу. Яго місія – мабілізаваць глабальны рух устойлівых кампаній і зацікаўленых бакоў для дасягнення МУР і стварэння лепшага свету. «Сёння да сеткі Глабальнага дагавора ААН падключана 167 краін, пры чым да лакальнай сеткі – толькі 62 краіны. Рэспубліка Беларусі мае верыфікаваную сетку гэтага дагавора – да яе далучылася 31 кампанія краіны», паведаміў Старшыня Назіральнаго савета Сеткі Глабальнага дагавора ў Беларусі Сяргей Дубкоў.

Сумесныя намаганні на міжнародным узроўні таксама садзейнічаюць і эфектыўнаму вырашэнню глабальных кліматычных выклікаў, прадухіляюць рызыку ўзнікнення гандлёвых бар’ераў. «Мы жывем у эпоху глабальных змен, дзе экалагічныя выклікі і змены клімату патрабуюць ад нас адаптацыі і пошуку новых рашэнняў. Наша агульная адказнасць не толькі рэагаваць на змены, але і актыўна ўдзельнічаць у фармаванні будучыні. Гэта прадугледжвае інвестыцыі ў даследаванні, распрацоўку і ўкараненне новых тэхналогій, якія змаглі б забяспечыць не толькі эканамічную ўстойлівасць, але і эканамічную выгаду для ўсіх», – падкрэсліў дырэктар дэпартамента гандлёвай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі Уладзімір Серпікаў.

Важным аспектам у забеспячэнні харчовай бяспекі краіны з’яўляецца аўтаматызацыя вытворчасці. На Мінскім трактарным заводзе працэс аўтаматызацыі знаходзіцца на этапе «ўмоўная аўтаматызацыя», пры якой тэхналагічныя аперацыі выконваюцца пад кантролем аператара. Чакаецца, што поўнай аўтаноміі ўдасца дасягнуць да 2040 года. Укараненне аўтаноміі і выкарыстанне аднаго аўтапілота дае магчымасць штогод эканоміць на паліве, угнаеннях і сродках аховы раслін ад 5 да 10 тыс. дол. ЗША на 1 тыс. га.

Прэзентацыі выступоўцаў у рамках пленарнага паседжання:

Прагрэс Рэспублікі Беларусь у дасягненні МУР як новая магчымасць для міжнароднага дзелавога партнёрства ва ўмовах сучасных выклікаў

Сетка Глабальнага дагавора ў Беларусі

Кліматычная парадак дня ЕАЭС: выклікі і трэнды

Развіццё аўтаномных тэхналогій трактароў ААТ «МТЗ»

Комплексны падыход да арганізацыі цыфравізацыі аграбізнесу ў сферы раслінаводства: выклікі, рашэнні, лепшыя практыкі

Відэазапіс пленарнага пасяджэння

СЕКЦЫЯ 1 «УСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ АПК І СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ»

У рамках секцыі ўдзельнікі канферэнцыі абмеркавалі актуальную праблематыку для развіцця сельскай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу Беларусі, а таксама ў глабальным кантэксце.

Сярод асноўных стратэгічных задач дзяржаў-членаў ЕАЭС у аграпрамысловай сферы адзначана: забеспячэнне даступнасці харчовай бяспекі для насельніцтва, развіццё гандлёва-эканамічных сувязей, укараненне інавацыйных падыходаў у аграпрамысловым комплексе, развіццё інфраструктуры захоўвання прадукцыі, кааперацыйнае супрацоўніцтва ў галіне развіцця тэхналагічнай базы.

Для Беларусі сельская гаспадарка – стратэгічная галіна, якая не толькі забяспечвае сацыяльна-эканамічны дабрабыт дзяржавы, але і становіцца аб’ектыўна прывабнай для вядзення аграрнага бізнесу і інвестыцый. Агульная плошча сельскагаспадарчых зямель складае 8 млн. га, з якой 71% – пасяўная плошча. У галіну накіроўваецца каля 16% ад агульнага аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал.

«У краіне выбудавана ўнікальная мадэль харчовай бяспекі. Узровень самазабеспячэння асноўнымі відамі сельскагаспадарчай прадукцыі перавышае 100%. Амаль 90% прадукцыі экспартуецца ў перапрацаваным ці часткова перапрацаваным выглядзе. У Беларусі спажываюць амаль 80% айчынных харчовых тавараў, па шэрагу пазіцый гэты паказчык дасягнуў 100%, – адзначыла д.э.н., дацэнт, намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДП «Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі» Святлана Кандраценка. – Доля інавацыйна-актыўных арганізацый сярод вытворцаў прадуктаў харчавання складае амаль 30% і штогод павышаецца».

Згодна з Глабальным індэксам голаду, Рэспубліка Беларусь уваходзіць у спіс краін, дзе праблема голаду адсутнічае або неістотная. Рэйтынг глабальнай харчовай бяспекі характарызуе Беларусь як краіну са спрыяльнымі ўмовамі вытворчасці прадукцыі, яе высокім узроўнем якасці і бяспекі. Індэкс эфектыўнасці лагістыкі – 79.

З мэтай выяўлення ў АПК дадатковых крыніц фінансавання і найбольш эфектыўнага выкарыстання наяўных фінансавых рэсурсаў для дасягнення МУР, Праграма развіцця ААН правяла DFA-аналіз (The Development Finance Assessment), пра вынікі якога ўдзельнікам канферэнцыі расказала нацыянальны эксперт ПРААН, загадчыца кафедры інавацыйнага развіцця АПК ІПК і ПК АПК БДАТУ, д.э.н., прафесар Наталля Кірэенка. На аснове гэтага аналізу распрацаваны рэкамендацыі ў галіне дзяржаўнай падтрымкі, падаткаабкладання, страхавання, крэдытавання, развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Для ўмацавання вытворчага патэнцыялу сельскай гаспадаркі, павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі ў Беларусі адзначана шырокае прымяненне інавацыйных тэхналогій і метадаў у селекцыі, грамадскай жывёлагадоўлі, харчовай прамысловасці.

Асаблівая ўвага ў Беларусі ўдзяляецца сацыяльна-эканамічнаму развіццю сельскіх тэрыторый: паляпшаюцца жыллёвыя ўмовы сельскага насельніцтва, павышаецца даступнасць інфармацыі, развіваецца сацыяльная інфраструктура, павялічваецца колькасць адукацыйных устаноў. У рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады ў краіне створаны і

функцыянуе 1481 аграгарадок, на базе якіх рэалізуюцца пілотныя праекты па стварэнню «Вёскі будучыні». Яны накіраваны на дасягненне аптымальнага для камфортнага жыцця ў сельскай мясцовасці ўзроўню на аснове ўжо рэалізаваных сацыяльных стандартаў і створаных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

Прэзентацыі выступоўцаў Секцыі 1:

Стратэгія ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь у кантэксце мэт і задач нацыянальнай харчовай бяспекі

Прымяненне метадалогіі ПРААН па ацэнцы фінансавання развіцця (DFA) у аграхарчовай сферы Рэспублікі Беларусь

Роля айчыннай селекцыі ва ўмацаванні вытворчага патэнцыялу сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь

Прымяненне інавацыйных тэхналогій і метадаў у грамадскай жывёлагадоўлі ў мэтах павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі

Новыя навукова-тэхналагічныя рашэнні для харчовай прамысловасці Беларусі ва ўмовах эканамічных выклікаў

Сацыяльна-эканамічнае развіццё сельскіх тэрыторый у кантэксце нацыянальнага праекта «Вёска будучыні»

Відэазапіс Секцыі 1

СЕКЦЫЯ 2 «УСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ Ў КАНТЭКСЦЕ ЗМЯНЕННЯ КЛІМАТУ»

У рамках секцыі былі разгледжаны пытанні «зялёнай» эканомікі,

перспектывы нізкавугляроднага развіцця Беларусі, праекты, накіраваныя на забеспячэнне здаровага ладу жыцця і садзейнічанне дабрабыту насельніцтва, развіццё электратранспарту ў краіне, рэалізацыю праграмы «Разумны горад» і інш.

 У сваім прывітальным слове намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Віктар Галанаў падкрэсліў, што наша краіна не толькі ў поўным аб’ёме выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па Парыжскаму пагадненню, але і перавыконвае іх. Так, паводле дадзеных дзяржаўнага кадастру выкідаў і паглынання парніковых газаў у 2022 годзе Беларусь ужо скараціла выкіды на 39,3% ад узроўню 1990 года, а з улікам сектара паглынання «Землекарыстанне, змена землекарыстання і лясная гаспадарка» – на 57%.

«На нацыянальным узроўні прыняты і распрацоўваюцца стратэгічныя дакументы ў галіне супрацьдзеяння змене клімату, дзейнічаюць меры, накіраваныя на скарачэнне выкідаў парніковых газаў і змякчэнні наступстваў змены клімату, – адзначыў намеснік Міністра. – У планах распрацоўка і рэалізацыя комплекснай Стратэгіі па адаптацыі да змены клімату да 2050 года».

Глабальнае месца на парадку дня – 2030 займае «зялёная» эканоміка. Яна выступае актыўным драйверам эканамічнага росту, садзейнічае дасягненню МУР. «Сярод глабальных трэндаў «зялёнай» эканомікі адзначаюцца: узмацненне жорсткасці дзяржаўнай палітыкі і прыняцце глабальных абавязацельстваў; змяненне грамадскіх чаканняў і попыту (павышэнне важнасці экалагічных пытанняў); змены ў сферы занятасці (ствараюцца новыя працоўныя месцы, у тым ліку «зялёныя»); стварэнне новых рынкаў і відаў дзейнасці (укараняюцца экалагічныя інавацыі); змены ў фінансавай сферы; змяненне ўмоў канкурэнцыі», – праінфармавала загадчыца сектара эколага-эканамічных даследаванняў Цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі ДНУ «Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Надзея Батава.

У мэтах садзейнічання развіццю інклюзіўнай, лічбавай і «зялёнай» эканомікі, дасягненню эканамічнага росту ў Беларусі распрацаваны і рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па развіццю «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021-2025 гады.

«Па дадзеных Міжнароднага саюза электрасувязі і Праграмы развіцця ААН, цыфравізацыя напрамую прыносіць карысць 70% задач МУР. Таму неабходна і далей садзейнічаць павышэнню ролі лічбавых тэхналогій і сувязі ў «зялёным» пераходзе, адзначыў стратэгічны менеджэр лічбавых праграм (лічбавы офіс ПРААН і Глабальны цэнтр ПРААН па тэхналогіях, інавацыях і ўстойлівым развіцці) Калум Хэндфорт. – Калі мы думаем, як сфарміраваць інклюзіўны падыход да штучнага інтэлекту (і лічбавых тэхналогій), то мы звяртаемся да прынцыпу «DEEP» (Demystify and Democratise, Empower, Explore and Experiment, Protect)».

Таксама, немалаважным у развіцці «зялёнай» эканомікі і зніжэнні выкідаў з’яўляецца стварэнне ў краіне сеткі электразарадных станцый і павелічэнне колькасці электратранспарту. «З чэрвеня 2023 да чэрвеня 2024 года, колькасць электрамабіляў у краіне павялічылася ў 2,5 разы, пры гэтым попыт на паслугі па зарадцы вырас у 2,9 разы, праінфармаваў спецыяліст упраўлення перспектыўных энергетычных тэхналогій РУП ВА «Беларуснафта» Юрый Грыгарэнка. – Улічваючы бягучы тэмп росту электрамабільнага рынку Беларусі, да 2026 года ў краіне будзе 53 900 электрамабіляў».

Прэзентацыі выступоўцаў Секцыі 2:

«Зялёная» эканоміка як новы тып эканамічнага развіцця

Перспектывы нізкавугляроднага развіцця Рэспублікі Беларусь

Рэалізацыя інфраструктурных праектаў, накіраваных на забеспячэнне здаровага ладу жыцця і садзейнічанне дабрабыту насельніцтва горада Мінска

Аб міжнародных і рэгіянальных трэндах у галіне выкарыстання тэхналогіі «разумны горад», лічбавізацыі і інавацый

Аб ходзе рэалізацыі праекта па стварэнню лічбавай платформы «Разумны горад (рэгіён)» у г.Мінску

Пытанні развіцця электратранспарту ў Рэспубліцы Беларусь

Відэазапіс Секцыі 2

Усе фота

КАРТА САЙТА