Праца без бар’ераў: новыя працоўныя месцы і навучальныя пляцоўкі для людзей з інваліднасцю створаны ў малых гарадах Беларусі

Пілотная ініцыятыва «Кафейны трэнінг-цэнтр для людзей з інваліднасцю».

Наталля Астаніна сем гадоў працуе барыста. Каб асвоіць латэ-арт — мастацтва ствараць узоры на паверхні кавы ўзбітым малаком, — дзяўчына, якая выкарыстоўвае інвалідную каляску, прыехала з Мінска ў Мазыр. Чаму менавіта туды? У сталіцы для яе папросту не знайшлося прыдатнага месца для навучання. А ў невялікім горадзе на поўдні Беларусі яно з’явілася — першы ў краіне цалкам безбар’ерны клас для навучання прафесіі барыста.

Магчымасць самастойна зарабляць і будаваць кар’еру — аснова незалежнага і годнага жыцця любога дарослага чалавека. Для людзей з інваліднасцю праца — гэта яшчэ і спосаб выйсці з сацыяльнай ізаляцыі, адчуць сваю значнасць і рэалізаваць талент.

Таму стварэнне адаптаваных працоўных месцаў і даступнага прафесійнага навучання становіцца найважнейшай задачай для грамадства, дзе важны кожны чалавек. Гэты падыход адлюстраваны ў Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю, дзе падкрэсліваецца важнасць пашырэння інклюзіўных магчымасцей на рынку працы.

Паводле даных ААН у свеце працаўладкаваны толькі каля 27 працэнтаў людзей з інваліднасцю, пры гэтым для жанчын гэты паказчык яшчэ ніжэйшы. Выключэнне такой вялікай групы людзей з рынку працы не толькі пагаршае сацыяльную няроўнасць, але і наносіць шкоду эканоміцы: паводле некаторых ацэнак, страты ВУП могуць дасягаць 7%. У Беларусі сітуацыя падобная: узровень беспрацоўя ў гэтай групе ў пяць разоў вышэйшы за сярэдні па краіне.

Каб змяніць гэтую статыстыку, патрэбны працоўныя месцы і даступнае навучанне.

Праграма развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі ўжо робіць практычныя крокі ў гэтым напрамку. У 2025 годзе ў рамках пілотных ініцыятыў па Мэтам устойлівага развіцця адкрыліся студыі, дзе людзі з інваліднасцю могуць вучыцца навыкам 3D друку і анімацыі. У Мазыры і Малатковічах з’явіліся інклюзіўныя навучальныя пляцоўкі ў сферы грамадскага харчавання, а таксама вытворчасць шын для інвалідных калясак. Гэтыя ініцыятывы даказваюць, што прафесіяналізм не залежыць ад наяўнасці інваліднасці.

Пілотная ініцыятыва «Кафейны трэнінг-цэнтр для людзей з інваліднасцю».

За апошнія чатыры гады ў Беларусі адкрылася шэсць інклюзіўных кавярняў. Аднак да гэтага часу ў краіне не было спецыяльных класаў з безбар’ерным асяроддзем, дзе людзі з інваліднасцю маглі б асвоіць прафесію барыста.

Менавіта такі цэнтар зьявіўся пры падтрымцы ПРААН у Мазыры. Тут стварылі першую ў краіне поўнасцю безбар’ерную прастору для навучання мастацтву варэння кавы. У ім прадумана ўсё: вышыня сталоў, размяшчэнне абсталявання і шырыня праходаў.

«Мы даўно і паслядоўна займаемся кававай тэматыкай у Беларусі, — расказвае каардынатар ініцыятывы, старшыня ГА «Раік» Яўген Шаўко. — Спачатку мы адкрылі цэх па абсмажванні кавы. Цяпер абсталявалі трэнінг-цэнтр і запрасілі лепшага ў краіне спецыяліста для навучання. Мы будзем рады, калі да нас далучацца іншыя людзі з інваліднасцю. У нас вялікая прастора, мы можам навучыць прафесіі барыста і обжарщика кавы».

Менавіта сюды прыехала з Мінска Наталля Астаніна па новыя веды і навыкі: «Гэта вельмі класная, адаптаваная прастора. Тут ёсць усё неабходнае для таго, каб чалавек, які сядзіць у інваліднай калясцы, навучыўся варыць каву. Выдатна, што ёсць такое месца, куды можа прыехаць любы жадаючы, — дастаткова толькі звязацца з арганізатарамі».

Рэцэпт дарослага жыцця

Пілотная ініцыятыва «Піцэрыя «Molintern».

У Малатковіцкай школе-інтэрнаце вучацца дзеці з ментальнай інваліднасцю. Для іх заканчэнне школы — гэта часта крок у невядомасць. Дырэктар і педагогі цудоўна разумеюць, што без прыкладных навыкаў іх выпускнікам вельмі складана знайсці працу і стаць самастойнымі.

Па ініцыятыве адміністрацыі і пры падтрымцы ПРААН на базе школы была абсталявана піцэрыя, дзе вучні і выпускнікі асвойваюць увесь працэс — ад замесу цеста і падрыхтоўкі начыння да выпечкі піцы.

Вытворчасць на колах

Пілотная ініцыятыва «Шыны для інвалідных калясак».

Мазыр стаў першапраходцам яшчэ ў адным напрамку. У 2025 годзе тут была адкрыта першая ў Беларусі вытворчасць поліўрэтанавых шын для інвалідных калясак.

Раней такая, здавалася б, простая рэч была праблемай: шыны даводзілася замаўляць з Кітая, доўга чакаць і купляць вялікімі партыямі. Цяпер усё змянілася.

Каардынатарам ініцыятывы стала Ганна Шаўко: «Наша вытворчасць дазволіць людзям з інваліднасцю набываць у Беларусі якасныя і даступныя тавары па нізкай цане, — распавядае Ганна Шаўко, дырэктар ТАА «Эбербах-Палессе». — У далейшым мы зможам вырабляць і іншыя тавары для людзей з інваліднасцю: падлакотнікі, падгалоўнікі, бустэры для інвалідных калясак, падэшвы для артапедычнага абутку і іншае. Гатовую прадукцыю мы таксама плануем экспартаваць у краіны ЕАЭС».

Важнасць гэтага праекта цяжка пераацаніць: у Беларусі каля 24 000 чалавек перамяшчаюцца на калясках. Дзякуючы ініцыятыве 150 чалавек ужо атрымалі новыя шыны бясплатна.

«Мы адчуваем сябе патрэбнымі»

Усе гэтыя праекты — ад піцэрыі да вытворчасці шын аб’ядноўвае адно: яны даюць людзям не проста крыніца даходу, а пачуццё ўласнай годнасці і датычнасці да агульнай справы.

Найлепш пра гэта кажа Ганна Шаўко: «Мы развіваем мясцовую супольнасць. Як сацыяльны бізнэс мы прыцягваем да працы мясцовых людзей з інваліднасцю. І гэтыя людзі, у сваю чаргу, натхняюць нас на новыя ідэі. Мы бачым, як яны мяняюцца, калі адчуваюць сябе патрэбнымі».

Пілотныя ініцыятывы па Мэтам устойлівага развіцця — гэта прыклад паспяховых інклюзіўных праектаў на месцах, якія адрасна вырашаюць праблемы ў навучанні, працаўладкаванні, інфраструктуры і прапануюць для іх устойлівыя рашэнні. Важна пераймаць гэты паспяховы вопыт і распаўсюджваць лепшыя практыкі ў іншыя куткі Беларусі, прытрымліваючыся ключавога прынцыпу Парадаку дня — 2030 «Не пакінуць нікога ўбаку».

.

Пілотныя ініцыятывы па Мэтам устойлівага развіцця былі рэалізаваны пры падтрымцы ПРААН у Беларусі ў рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця» пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі.

Больш падрабязна з вынікамі кожнай пілотнай ініцыятывы па МУР можна азнаёміцца ​​ў прэзентацыі, відэароліку і брашуры.

.

Крыніца інфармацыі