Віртуальнага пацыента для навучання студэнтаў і ўрачоў распрацавалі ў Беларусі

Віцебскі дзяржаўны ордэны Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт сумесна з рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій распрацавалі віртуальнага пацыента «Медэкзам» — інавацыйную платформу для навучання студэнтаў медыцынскіх ВНУ і атэстацыі ўрачоў.

Ідэя стварэння для Беларусі ўласнага сімулятара ўзнікла з-за абмежаванага набору клінічных сцэнарыяў у замежных аналагах, а таксама неадпаведнасці схем лячэння пратаколаў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і канонаў прапедэўтыкі, па якіх навучаюцца беларускія спецыялісты.

Асаблівасць «Медэкзам» таксама ў тым, што гэта адкрытая платформа, якая дазваляе напаўняць сістэму неабмежаванай колькасцю клінічных сцэнарыяў рознай складанасці. На дадзены момант распрацавана 12 сцэнарыяў, і іх колькасць увесь час павялічваецца.

Віртуальны пацыент можа быць выкарыстаны для для дэбрыфінгу — аднаго з найважнейшых элементаў падрыхтоўкі лекара. Пасля праходжання сімуляцыйнага сцэнара спецыяльная сістэма аналізуе дзеянні навучэнца, фіксуе памылкі, ацэньвае карэктнасць дыягностыкі, лячэння і паслядоўнасць выканання працэдур. Акрамя таго, платформа дазволіць вызначаць узровень кампетэнцый будучых лекараў і можа прымяняцца як экзаменацыйны інструмент.

Першы экзамен з выкарыстаннем віртуальнага пацыента «Медэкзам», накіраваны на ацэнку рэальнай гатоўнасці ўрачоў-інтэрнаў да аказання медыцынскай дапамогі, плануецца правесці ў чэрвені 2026 года на базе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Распрацоўка і выкарыстанне віртуальнага пацыента «Медэкзам» зробіць уклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэт устойлівага развіцця 3, 4, 8, 9 і іншых МУР.