Прэзентацыя пілотных ініцыятыў па развіцці даступнага турызму ў Браслаўскім рэгіёне прайшла на базе адпачынку «Дрывяты»

25 лютага 2025 года на базе адпачынку «Дрывяты» Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» адбылася стартавая канферэнцыя па прэзентацыі дзвюх пілотных ініцыятыў, накіраваных на арганізацыю даступнага турызму ў Браслаўскім рэгіёне: пілотнай ініцыятывы «Даступны турызм у Браславе», рэалізуемай Браслаўскім раённым грамадскім аб’яднаннем трансгранічнага супрацоўніцтва «Еўрарэгіён «Азёрны край», і пілотнай ініцыятывы «Інклюзіўны пляж», якая рэалізуецца ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна».
У мерапрыемстве ў афлайн і анлайн фармаце прынялі ўдзел каля 40 чалавек. Сярод іх жыхары Браслаўскага рэгіёна, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, спецыялісты сферы турызму, прадстаўнікі іншых пілотных ініцыятыў.
У рамках канферэнцыі ўдзельнікам былі прадстаўлены асноўныя ідэі і мэты рэалізацыі пілотных ініцыятыў «Даступны турызм у Браславе» і «Інклюзіўны пляж», а таксама іх задачы і чаканыя вынікі.
Асноўная ідэя пілотнай ініцыятывы «Даступны турызм у Браславе» заключаецца ў развіцці даступнага турызму шляхам распрацоўкі адаптаваных інклюзіўных турыстычных прадуктаў і навучання спецыялістаў сферы турызму, а таксама адаптацыі атрыманых ведаў на тэрыторыі Браслаўскага рэгіёну.
Сярод запланаваных мерапрыемстваў гэтай пілотнай ініцыятывы — правядзенне анлайн-курса «Даступны турызм» па павышэнні патэнцыялу спецыялістаў у сферы турызму і фарміраванні ў іх навыкаў і кампетэнцый распрацоўкі турыстычных прадуктаў для людзей з інваліднасцю. Па гэтым курсе ўжо ідзе навучанне. Слухачы апускаюцца ў праблематыку інклюзіўнага турызму, дзеляцца эфектыўнымі прыкладамі сумеснай работы па арганізацыі адпачынку для людзей з інваліднасцю, слухаюць лекцыі, выконваюць дамашнія заданні. Плануецца, што анлайн-навучанне пройдуць не менш як 20 спецыялістаў турыстычнай сферы.
Таксама ў рамках пілотнай ініцыятывы «Даступны турызм у Браславе» прадугледжана абсталяванне базы адпачынку «Дрывяты» элементамі безбар’ернага асяроддзя. У прыватнасці, запланавана перапланіроўка некалькіх нумароў для людзей, якія перамяшчаюцца на інвалідных калясках, устаноўка двух электрапад’ёмнікаў у басейнам комплексе і закупка трох электраскутэраў для наведвання турыстычных маршрутаў людзьмі, якія маюць цяжкасці ў перамяшчэнні. Гэтыя абнаўленні дазволяць арганізаваць круглагодны адпачынак для людзей з інваліднасцю і старэйшага пакалення.
У ходзе канферэнцыі адбылася прэзентацыя яшчэ адной пілотнай ініцыятывы «Інклюзіўны пляж». Яе асноўная ідэя – сацыяльная рэабілітацыя і адаптацыя людзей з інваліднасцю і развіццё адаптыўнага турызму ў Браслаўскім раёне шляхам стварэння інклюзіўнага пляжа, інтэграванага ў гарадскі грамадскі пляж.
Устойлівасць пілотнай ініцыятывы заключаецца ў наступных аспектах:
- у сезон працы пляж функцыянуе штодня пры ўмове спрыяльнага надвор’я (ад 18 градусаў) з 9 раніцы да 18 вечара;
- у летні сезон штодня на працягу працоўнага дня на пляжы знаходзіцца дзяжурны персанал, гатовы аказаць дапамогу людзям з рознымі відамі парушэнняў апорна-рухальнага апарата;
- функцыянаванне пляжа не абыходзіцца без дапамогі валанцёраў;
- гасцініцы і кафэ атрымліваюць дадатковы стымул для стварэння даступнага асяроддзя;
- непасрэдна побач з пляжам размешчана выратавальная станцыя, супрацоўнікі якой утрымліваюць тэрыторыю пад пастаянным наглядам.
Пілотныя ініцыятывы «Даступны турызм у Браславе» і «Інклюзіўны пляж» рэалізуюцца пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Рэспубліцы Беларусь у рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця», які фінансуецца Урадам Расійскай Федэрацыі.
Рэалізацыя гэтых ініцыятыў унясе ўклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэт устойлівага развіцця 3, 10, 11 і іншых МУР.
.