Прыярытэтам дадзенага акселератара МУР з’яўляецца прасоўванне «зялёнай» эканомікі – эканомікі, заснаванай на адказным стаўленні чалавека да рэсурсаў планеты і мінімальнай колькасці выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Пры такой мадэлі ахова навакольнага асяроддзя становіцца не нагрузкай на эканоміку, а рухавіком яе развіцця. Так новыя «зялёныя» тэхналогіі робяць эканоміку сучаснай і арыентаванай на будучыню, павышаюць яе канкурэнтаздольнасць, забяспечваюць выхад на новыя рынкі і стварэнне новых працоўных месцаў.
Пераход да «зялёнай» эканамічнай мадэлі заснаваны на развіцці сектараў, якія мала спажываюць ці не спажываюць выкапнёвае паліва. Да такіх сектараў адносяцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, адукацыя, ахова здароўя, турызм. Беларусь мае прыкметныя перавагі ў гэтых галінах дзякуючы высокаадукаванаму насельніцтву, кампактнаму і выгаднаму геаграфічнаму становішчу, інфраструктуры, клімату і прызнанай сусветнай спадчыне.
У рамках дадзенай платформы паскарэння МУР асноўнай задачай з’яўляецца распрацоўка механізмаў і праграм для стварэння рынку «зялёных» тавараў і паслуг. Для гэтага могуць быць прыняты наступныя меры: інвестыцыі ў «зялёныя» даследаванні і распрацоўкі, зніжэнне спажывання энергіі і мінімізацыя адходаў, ахова і аднаўленне экасістэм, развіццё экатурызму, увядзенне нацыянальных схем продажу квот на выкіды парніковых газаў або падатку на выкіды вугляроду, распаўсюджванне выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, павышэнне эфектыўнасці расходу паліўных рэсурсаў, у тым ліку шляхам выкарыстання электрамабіляў, паляпшэнне сельскай гаспадаркі і вытворчасці арганічных прадуктаў харчавання і іншыя.
КАРТА САЙТА