Міжнародны форум «Інавацыі для якасці жыцця людзей 65+» прайшоў у Мінску - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Міжнародны форум «Інавацыі для якасці жыцця людзей 65+» прайшоў у Мінску

5 кастрычніка 2026

1 кастрычніка 2026 года ў Мінску прайшоў Міжнародны форум «Інавацыі для якасці жыцця людзей 65+».

Форум аб’яднаў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, бізнесу, навукі, аховы здароўя, сістэмы ААН, а таксама грамадзян старэйшага пакалення для абмеркавання сучасных падыходаў да забеспячэння актыўнага і здаровага даўгалецця, пашырэння магчымасцей людзей старэйшага ўзросту і ўкаранення інавацыйных рашэнняў, накіраваных на павышэнне якасці іх жыцця.

Праграма Форума ўключала панэльную дыскусію «Якасць жыцця 65+ і што мяняюць інавацыі», сесію «Сучасная экасістэма клопату: тэхналогіі для людзей старэйшага ўзросту» і сесію «Узрост як рэсурс».

Цэнтральнай падзеяй стала панэльная дыскусія «Якасць жыцця 65+ і што мяняюць інавацыі», у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрствы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Рэспубліцы Беларусь, бізнесу, лідэры стартап руху і «сярэбранага» валанцёрства.  Сярод асноўных пытанняў абмяркоўваліся наступныя: якія інавацыі неабходны ў краіне, каб людзі старэйшага ўзросту даўжэй захоўвалі самастойнасць, актыўнасць і якасць жыцця, што можам зрабіць ужо сёння, каб сённяшнія 40-50 гадовыя жылі ў старэйшым узросце ў больш актыўным, тэхналагічным і інклюзіўным асяроддзі; тэндэнцыя «старэння» насельніцтва – гэта выклік для бізнесу або новы рынак і крыніца інавацыйнага росту і іншыя,

У рамках сесіі «Сучасная экасістэма клопату: тэхналогіі для людзей старэйшага ўзросту» міжнародныя і нацыянальныя эксперты прадставілі практыкі і рашэнні ў галіне здаровага даўгалецця, падтрымкі самастойнага жыцця, лічбавых сэрвісаў, маніторынгу здароўя і інавацыйных тэхналогій догляду. Удзельнікі азнаёміліся з вопытам Японіі, Кітая і іншых краін, а таксама з беларускімі ініцыятывамі, накіраванымі на захаванне актыўнасці, незалежнасці і высокай якасці жыцця людзей старэйшага ўзросту. Адмысловая ўвага была нададзена пытанням развіцця экасістэмы AgeTech.

На сесіі «Узрост як рэсурс» абмяркоўваўся патэнцыял старэйшага пакалення як важнага рэсурсу для грамадства. Эксперты, у тым ліку з Расіі, прадставілі ініцыятывы па развіцці «сярэбранага» валанцёрства, павышэнні сацыяльнай актыўнасці, падрыхтоўцы да актыўнага даўгалецця і ўмацаванні кагнітыўнага здароўя. Было адзначана, што ўцягванне людзей старэйшага ўзросту ў грамадскія працэсы садзейнічае ўмацаванню сацыяльнай згуртаванасці, перадачы вопыту паміж пакаленнямі і ўстойліваму развіццю грамадства.

У рамках Форума адбылася прэзентацыя спецыялізаванага інфармацыйнага сэрвісу для маніторынгу здароўя, а таксама курса «Компас будучыні», арыентаванага на людзей ва ўзросце 40-50 гадоў. Курс закліканы дапамагчы падрыхтавацца да здаровага, сацыяльна актыўнага і гарманічнага даўгалецця.

Удзельнікі Форума падкрэслілі важнасць міжсектаральнага супрацоўніцтва ва ўмовах дэмаграфічных змен і неабходнасць стварэння ўмоў для паўнавартаснай рэалізацыі патэнцыялу старэйшага пакалення.

Міжнародны форум «Інавацыі для якасці жыцця людзей 65+» праведзены пры падтрымцы ЮНФПА ў Рэспубліцы Беларусь у рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця», які фінансуецца Расійскай Федэрацыяй.

КАРТА САЙТА