У Беларусі распрацуюць канцэпцыю законапраекта аб валанцёрскай дзейнасці - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

У Беларусі распрацуюць канцэпцыю законапраекта аб валанцёрскай дзейнасці

28 ліпеня 2026

У Рэспубліцы Беларусь рыхтуецца канцэпцыя законапраекта аб валанцёрскай дзейнасці. Дакумент накіраваны на сістэматызацыю падыходаў да развіцця валанцёрскага руху, павышэнне якасці падрыхтоўкі валанцёраў і стварэнне ўмоў для бяспечнага і эфектыўнага ўдзелу грамадзян у грамадска карысных ініцыятывах.

У рамках падрыхтоўкі канцэпцыі быў вывучаны міжнародны вопыт, у тым ліку заканадаўчыя практыкі Расіі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана і іншых дзяржаў. На аснове праведзенага аналізу прынята рашэнне засяродзіцца менавіта на валанцёрскай дзейнасці, выключыўшы з законапраекта залішнія і сумежныя паняцці, каб забяспечыць яго яснасць, практычнасць і прымяняльнасць.

У канцэпцыі прапануецца дакладнае размежаванне тэрмінаў «валантэрства» і «добраахвотніцтва». Валанцёр разглядаецца як грамадзянін, які ў вольны ад працы час добраахвотна ахвяруе сваім асабістым часам для аказання дапамогі дзяржаве, арганізацыям або асобным людзям.

Асобная ўвага надаецца пытанням арганізацыі працы валанцёраў. Канцэпцыя прадугледжвае адмову ад стварэння адзінай цэнтралізаванай базы валанцёраў, каб пазбегнуць залішняй бюракратызацыі і захаваць гнуткасць існуючых механізмаў узаемадзеяння. Сёння грамадскія арганізацыі фарміруюць уласныя валанцёрскія суполкі, і многія грамадзяне ўдзельнічаюць у дзейнасці адразу некалькіх аб’яднанняў.

Пры гэтым законапраект не будзе ўскладняць ці празмерна рэгламентаваць валанцёрскую дзейнасць. Асаблівае значэнне надаецца пытанням бяспекі і адказнасці. У дакуменце плануецца замацаваць механізмы страхавання, падрыхтоўкі і ўліку валанцёраў, асабліва пры ўдзеле ў напрамках, звязаных з павышанымі рызыкамі. Прадугледжваецца стварэнне ўмоў, пры якіх кожны валанцёр будзе валодаць неабходнымі ведамі і навыкамі для выканання грамадска значных задач.

Прыняцце закона аб валанцёрскай дзейнасці забяспечыць празрыстасць працэдур для грамадскіх арганізацый і валанцёраў, сістэматызуе іх працу, а таксама ўнясе ўклад у рэалізацыю Парадаку дня-2030.


Крыніца інфармацыі

КАРТА САЙТА