У Мінску праходзіць нарада спецыялістаў статыстычных службаў краін СНД - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

У Мінску праходзіць нарада спецыялістаў статыстычных службаў краін СНД

10 чэрвеня 2026

8–10 чэрвеня 2026 года ў Мінску ў гібрыдным фармаце праходзіць нарада спецыялістаў статыстычных службаў краін СНД па тэме «Статыстычны погляд на грамадства праз прызму пакаленняў».

У ходзе нарады прадстаўнікі нацыянальных статыстычных службаў краін СНД, органаў дзяржаўнай улады, міжнародных і рэгіянальных арганізацый, навуковай і экспертнай супольнасцей разглядаюць пытанні збору, аналізу і распаўсюджвання статыстычнай інфармацыі аб розных пакаленнях насельніцтва. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню метадаў правядзення абследаванняў дамашніх гаспадарак, бягучага статыстычнага ўліку, а таксама прымяненню сучасных тэхналогій візуалізацыі і аналізу даных.

Праграма нарады ўключае тры сесіі, кожная з якіх спалучае даклады і дыскусіі.

На сесіі «Статыстыка пакаленняў: вопыт краін СНД» беларускія спецыялісты прадставяць ключавыя аспекты правядзення абследавання бюджэту часу як важнага інфармацыйнага рэсурсу для аналізу структуры паўсядзённага жыцця людзей розных узроставых груп.

У рамках сесіі «Статыстыка пакаленняў: метадалагічныя падыходы» ўвага будзе засяроджана на аналізе рынку працы праз прызму пакаленчых адрозненняў. Беларускія статыстыкі падзеляцца сваім вопытам вымярэння нестандартных форм занятасці і падыходамі да іх статыстычнага ўліку.

На сесіі «Тэхналагічныя рашэнні апрацоўкі, візуалізацыі і распаўсюджвання дадзеных» будзе прадстаўлена нацыянальная ІАС «Геастатыстыка» як стратэгічны напрамак развіцця інструментаў візуалізацыі афіцыйнай статыстыкі і павышэння даступнасці дадзеных для карыстальнікаў.

Правядзенне нарады спецыялістаў статыстычных службаў краін СНД па тэме «Статыстычны погляд на грамадства праз прызму пакаленняў» уносіць значны ўклад у развіццё сучаснай дэмаграфічнай і сацыяльнай статыстыкі, а таксама рэалізацыю Парадаку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, забяспечваючы больш глыбокае разуменне сацыяльных працэсаў і пакаленчых адрозненняў.


Крыніца інфармацыі

КАРТА САЙТА