Указ аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій падпісаны ў Беларусі - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Указ аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій падпісаны ў Беларусі

16 верасня 2026

1 верасня 2027 года Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій (Акадэмія) пачне падрыхтоўку спецыялістаў у галіне прыродазнаўчых навук, прамысловых і лічбавых тэхналогій, а таксама іншых перспектыўных напрамкаў.

Адпаведны Указ №310 «Аб стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій» быў падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам 10 верасня 2026 года.

Для прыёму ў Акадэмію прадугледжаны унікальны парадак адбору ў фармаце рэспубліканскага конкурсу, у якім змогуць узяць удзел выпускнікі школ, навучэнцы каледжаў і студэнты ВНУ, спецыялісты прадпрыемстваў і вучоныя. Жадаючым навучацца неабходна будзе прадставіць крэатыўную ідэю, распрацоўку, вынаходства ці рацыяналізатарскую прапанову.

Заключны этап адбору будзе ўключаць практычны інтэнсіўны курс у Акадэміі з выкананнем індывідуальных і групавых заданняў, публічнай абаронай праекта і здачай унутранага ўступнага іспыту. Пасля завяршэння навучання прадугледжана здача дзяржаўнага экзамену, а таксама абарона стартап-праекта або прыкладной навукова-даследчай работы.

Да адукацыйнага працэсу ў Акадэміі будуць прыцягнуты вядучыя вучоныя і выкладчыкі, кіраўнікі і спецыялісты-практыкі прадпрыемстваў, якія дабіліся значных дасягненняў у навуковай, інавацыйнай і вытворчай сферах.

Асаблівы падыход прадугледжаны і да праграм навучання. Навучэнцы змогуць самастойна выбіраць спецкурсы, сумежную прафілізацыю або спецыяльнасць. Для іх будзе арганізавана навучанне на прадпрыемствах з вырашэннем рэальных вытворчых задач, а таксама групавая і індывідуальная праектная і навукова-даследчая дзейнасць.

Эксперыментальныя навучальныя праграмы, якія прайшлі апрабацыю ў Акадэміі, і перадавыя методыкі будуць укараняцца ў іншыя ўстановы адукацыі.

Стварэнне Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій дасць магчымасць сфарміраваць гнуткае міждысцыплінарнае навукова-адукацыйнае асяроддзе новага тыпу, арыентаванае на практычны вынік і інтэграванае ў рэальныя эканамічныя працэсы з улікам патрэбнасцей краіны, а таксама ўнясе ўклад у дасягненне Рэспублікай Беларусь Мэт устойлівага развіцця 4, 8, 9, 16 і іншых МУР.

КАРТА САЙТА