Беларусь прыняла ўдзел у пасяджэнні Міжустаноўскай і экспертнай групы па паказчыках дасягнення МУР у Японіі - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Беларусь прыняла ўдзел у пасяджэнні Міжустаноўскай і экспертнай групы па паказчыках дасягнення МУР у Японіі

7 лістапада 2025

Фота прадастаўлена Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь

5–7 лістапада 2025 года ў Кітакюсю (Японія) праходзіла 16-е пасяджэнне Міжустаноўскай і экспертнай групы па паказчыках дасягнення Мэт устойлівага развіцця. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (Белстат) Аляксей Яркавец.

У ходзе тэматычных дыскусій Аляксей Яркавец падзяліўся ключавымі дасягненнямі і стратэгічнымі падыходамі Рэспублікі Беларусь у галіне маніторынгу МУР. Ён падкрэсліў сістэмную работу Белстата і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, якая дазволіла дабіцца ўражлівых вынікаў у забеспячэнні інфармацыйнай адкрытасці.

«Даступнасць даных па паказчыках МУР складае 95%, а па 9 з 17 Мэт устойлівага развіцця забяспечана 100% даступнасць даных», – праінфармаваў намеснік Старшыні Белстата.

Прадстаўляючы вопыт лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця, Аляксей Яркавец акцэнтаваў увагу на унікальным рэгіянальным падыходзе, выпрацаваным у Рэспубліцы Беларусь: «Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь сфарміраваў рэгіянальны пералік паказчыкаў МУР, які адлюстроўвае нацыянальныя прыярытэты, і дапоўнены паказчыкамі, якія ўлічваюць спецыфіку развіцця канкрэтнага рэгіёну. Ён уключае 138 паказчыкаў».

Ён таксама адзначыў, што рэгіянальны пералік гарманізаваны з Нацыянальнай платформай прадстаўлення справаздачнасці па паказчыках ЦУР. Індыкатары рэгіянальнага пераліку дазваляюць забяспечыць, у большасці сваёй, іх дэзагрэгацыю не толькі па 6 абласцях і г. Мінску, але і па ўсіх 118 раёнах краіны.

Маніторынг і прадстаўленне справаздачнасці па МУР на розных узроўнях садзейнічае паскарэнню дасягнення МУР, умацаванню партнёрства, а таксама эфектыўнай рэалізацыі Парадаку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.

Удзел прадстаўніка Белстата ў 16-ым пасяджэнні Міжустаноўскай і экспертнай групы па паказчыках дасягнення ЦУР падтрыманы Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі ў рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця», які фінансуецца Урадам Расійскай Федэрацыі.

КАРТА САЙТА