II Рэспубліканскі злёт валанцёраў «сярэбранага» ўзросту адбыўся ў Магілёве - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

II Рэспубліканскі злёт валанцёраў «сярэбранага» ўзросту адбыўся ў Магілёве

5 снежня 2023

У рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь па нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця», які рэалізуецца агенцтвамі ААН і фінансуецца Урадам Расійскай Федэрацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі арганізавала II Рэспубліканскі злёт валанцёраў «сярэбранага» ўзросту. Злёт адбыўся 5 снежня 2023 года ў Магілёве. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 200 найбольш актыўных прадстаўнікоў «сярэбранага» валанцёрскага руху з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў, прафесійныя спікеры і эксперты.

На Злёце кожная з каманд падзялілася сваім вопытам валанцёрскай дзейнасці з паплечнікамі з іншых абласцей. Удзельнікі пазнаёміліся з рознымі сферамі валанцёрскай дзейнасці, а таксама атрымалі новыя веды, якія дазволяць ім і надалей актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства, уносячы свой уклад у дасягненне Мэт устойлівага развіцця. Спецыялісты А1 правялі навучальную сесію па бяспецы ў Інтэрнеце. МГА «Узаемаразуменне» прадставіла валанцёрскую экалагічную ініцыятыву «Чыстыя гульні» па раздзельным зборы смецця. Акрамя гэтага, упершыню ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з нейрагімнастыкай для прафілактыкі дэменцыі, даступнай і без спецыяльнай медыцынскай адукацыі.

Паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, а таксама Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь да 2050 года ў краіне доля асобаў, старэйшых за 65 гадоў, дасягне 26,4% (для параўнання сёння гэтая лічба складае 16,8%). Людзі старэйшага ўзросту становяцца актыўнай часткай грамадства і павінны мець роўныя магчымасці рэалізаваць сябе ў адпаведнасці са сваімі каштоўнаснымі ўстаноўкамі і ўяўленнямі. У Беларусі прынята Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце – 2030», накіраваная на стымуляванне больш працяглага працоўнага жыцця, забеспячэнне магчымасці для навучання на працягу ўсяго жыцця, стварэнне ўмоў для актыўнага даўгалецця, сацыяльнай актыўнасці, уключаючы валанцёрскі рух сярод людзей старэйшага ўзросту і г.д.

Больш інфармацыі аб правядзенні ІІ Рэспубліканскага злёту валанцёраў «сярэбранага» ўзросту даступна па спасылцы.

КАРТА САЙТА