Перадавы вопыт статыстыкі па пытаннях МУР прадстаўлены на 57-й сесіі Статыстычнай камісіі ААН у Нью-Йорку - Мэты ўстойлівага развіцця у Беларусі

Перадавы вопыт статыстыкі па пытаннях МУР прадстаўлены на 57-й сесіі Статыстычнай камісіі ААН у Нью-Йорку

6 сакавіка 2026

Фота прадастаўлена Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь

3–6 сакавіка 2026 года ў Нью-Йорку праходзіла 57-я сесія Статыстычнай камісіі ААН. Рэспубліку Беларусь на мерапрыемстве прадставіў першы намеснік Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (Белстат) Цімафей Жыгараў, які прыняў удзел у дыскусіях, прысвечаных сельскагаспадарчай статыстыцы, статыстыцы навакольнага асяроддзя і па пытаннях змены клімату, кіраванню дадзенымі, вымярэнню ўзроўню дабрабыту і інш.

Падчас сесіі «Статыстыка сельскай гаспадаркі і сельскіх раёнаў» Цімафей Жыгараў выказаў падтрымку зацвярджэнню кіруючых прынцыпаў Праграмы сусветнага сельскагаспадарчага перапісу раунда 2030 года. Ён падкрэсліў, што паняцці і азначэнні, якія змяшчаюцца ў дакуменце, дапамогуць краінам пры планаванні і правядзенні сельскагаспадарчых перапісаў, а захаванне кіруючых прынцыпаў забяспечыць міжнародную супастаўнасць атрыманых даных.

Акрамя таго, ён выставіў прапанову, накіраваную на павышэнне эфектыўнасці статыстычнай дзейнасці. У прыватнасці, было адзначана, што краінам, дзе рэгулярнае статыстычнае назіранне забяспечвае поўны ахоп дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый, трэба прадаставіць магчымасць інтэграваць ужо існуючыя даныя ў вынікі перапісу, што дасць магчымасць пазбегнуць дубліравання запытаў інфармацыі, знізіць нагрузку на рэспандэнтаў, а таксама скараціць фінансавыя і працоўныя затраты.

У рамках сесіі «Статыстыка навакольнага асяроддзя і змянення клімату» прадстаўнік Белстата адзначыў значны прагрэс Беларусі ў гэтай сферы. У 2025 годзе быў зацверджаны і апублікаваны Нацыянальны набор статыстычных паказчыкаў, звязаных са змяненнем клімату, які ўключае 72 паказчыкі, гарманізаваныя з Базавымі прынцыпамі развіцця статыстыкі навакольнага асяроддзя, Сістэмай прыродна эканамічнага ўліку, паказчыкамі дасягнення Мэт устойлівага развіцця, а таксама паказчыкамі справаздачнасці ў рамках Парыжскага пагаднення.

Адначасова была выказана падтрымка ініцыятывам Статыстычнага аддзела ААН і Групы экспертаў, накіраваным на перагляд Глабальнага набору і Базавых прынцыпаў развіцця статыстыкі навакольнага асяроддзя, абнаўленне якіх дасць магчымасць удасканальваць Нацыянальны набор статыстычных паказчыкаў, звязаных са змяненнем клімату, і пашырыць магчымасці яго практычнага прымянення.

У рамках сесіі «Кіраванне дадзенымі» першы намеснік Старшыні Белстата адзначыў удзел Рэспублікі Беларусь у глабальным абследаванні 2025 года, прысвечаным пытанням кіравання дадзенымі і функцыянаванню нацыянальных статыстычных сістэм. Паводле яго слоў, вынікі абследавання паказваюць, што Беларусь дэманструе дастаткова высокі ўзровень развіцця ў сферы кіравання данымі. З 2025 года Белстат на заканадаўчым узроўні ўдзельнічае ў дзейнасці па кіраванні дзяржаўнымі данымі, распрацаваны тыпавыя структуры дзяржаўных даных, метададзеных і класіфікацый, забяспечана адаптацыя ўласных праграмных прадуктаў для вядзення каталога дзяржаўных даных і адзінай сістэмы класіфікацый, а таксама пачата інвентарызацыя даных, якія змяшчаюцца ва ўсіх дзяржаўных інфармацыйных сістэмах і рэсурсах.

У рамках сесіі «Вымярэнне ўзроўню дабрабыту» Цімафей Жыгараў адзначыў, што ў Беларусі ўжо вядзецца работа па развіццю нацыянальнай сістэмы вымярэння ўстойлівага дабрабыту. У яе аснове – распрацоўка нацыянальнага індэкса дабрабыту, сфарміраванага на базе збалансаванага набору індыкатараў, якія дапаўняюць паказчык ВУП. Тым самым Белстат пацвярджае прыхільнасць маніторынгу дабрабыту з апорай на паказчыкі, якія пашыраюць традыцыйныя рамкі ацэнкі эканамічнага развіцця. На думку беларускага боку, міжнародная сістэма вымярэння дабрабыту, што ствараецца, стане важным арыенцірам для ўдасканалення сацыяльна-эканамічнай палітыкі, накіраванай на рэальнае павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян.

Выступленні першага намесніка Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Цімафея Жыгарава ў рамках 57-й сесіі Статыстычнай камісіі ААН можна знайсці па спасылцы.

Прадастаўленне актуальнай і дакладнай статыстычнай інфармацыі робіць важны ўклад у рэалізацыю Парадаку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.

Падтрымка ўдзелу першага намесніка Старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь Цімафея Жыгарава ў 57-й сесіі Статыстычнай камісіі ААН аказана Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі МУР», які фінансуецца Урадам Расійскай Федэрацыі.

КАРТА САЙТА