15 ліпеня 2024
У маі – ліпені 2024 г. у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях праведзены стратэгічныя сесіі па распрацоўцы рэгіянальных стратэгій устойлівага развіцця.
Асноўнымі задачамі стратэгічных сесій было фарміраванне бачання будучага развіцця рэгіёнаў і вызначэнне асноўных напрамкаў устойлівага развіцця рэгіёнаў у сферы тэхналагічнага, інавацыйнага, інвестыцыйнага развіцця, зялёнай і цыркулярнай эканомікі, зялёнага горадабудаўніцтва.
Усяго ў мерапрыемствах прынялі ўдзел 368 чалавек, з якіх 54 працэнты склалі жанчыны. У ліку ўдзельнікаў – прадстаўнікі абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, прамысловых прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі, навукі, прыватнага і банкаўскага сектараў, Моладзевыя паслы МУР.
Праца стратэгічных сесій была арганізавана ў фармаце дыскусій у малых групах. У рамках стратэгічных сесій «Майстэрня будучыні» ўдзельнікі вызначылі выклікі, кропкі росту, слабыя і моцныя бакі і магчымасці для ўстойлівага развіцця абласцей. Рэгіёны Беларусі да 2040 года, на агульную думку ўдзельнікаў сесій, павінны быць экалагічна бяспечныя, прывабныя для моладзі, высокатэхналагічныя і інавацыйныя, сацыяльна арыентаваныя. Брэсцкі і Гродзенскі – рэгіёны з высокай турыстычнай прывабнасцю, Брэсцкі таксама з устойлівай сельскай гаспадаркай, Гомельскі – з высока тэхналагічнымі вытворчасцямі.
Сярод прыярытэтных напрамкаў развіцця для гэтых абласцей удзельнікі выдзелілі павышэнне якасці адукацыі з арыентацыяй на патрэбы асобнага рэгіёну,
стварэнне рэгіянальных кластараў, пашырэнне турыстычнай і сацыяльнай інфраструктуры, павышэнне лічбавага патэнцыялу, стварэнне спрыяльных умоў для прадпрымальнікаў, павышэнне інавацыйнай і інвестыцыйнай актыўнасці і іншыя.
Стратэгічныя сесіі праведзены пры каардынацыі абласных выканаўчых камітэтаў з удзелам экспертаў НДЭІ Мінэканомікі і пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь у рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі МУР», які фінансуецца Урадам Расійскай Федэрацыі.
КАРТА САЙТА